Па дадзеных перапісу 2001 года, ва Украіне пражывала каля 270 тысяч беларусаў. Усе гэтыя гады беларуская дыяспара не была арганізаванай супольнасцю, і мы не ведаем, як мяняўся наш склад апошнія 19 гадоў. Але мы дакладна ведаем, што 2020 змяніў нас кардынальна.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі беспаваротна памянялі не толькі сітуацыю ўнутры краіны, але і далі моцны штуршок для развіцця міжнароднай салідарнасці беларусаў замежжа. Мы, беларусы Украіны, на сабе адчулі парушэнне нашых выбарчых правоў у дзень галасаваньня і былі шакаваныя праявай празмернай жорсткасці з боку праваахоўных органаў Беларусі. Міжнародная дэмакратычная супольнасць не прызнала вынікі выбараў, апублікаваныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй, і асудзіла масавы гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да мірны пратэстуючых.

Афіцыйныя вынікі па Украіне так ніколі і не былі апублікаваныя, але па дадзеных незалежнага экзыт-полу, у Кіеве за Святлану Ціханоўскую прагаласавала 72,67% чалавек, Аляксандр Лукашэнка атрымаў 9,65% ад усіх галасоў.

Беларусы Украіны з першага ж дня звярталіся ў афіцыйнае пасольства Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем выказаць сваю пазіцыю датычна парушэнняў асноўных правоў чалавека і Канстытуцыі РБ. Аднак працаўнікі органа, абавязанага прадстаўляць нашы інтарэсы за мяжой, так ні разу і не выйшлі на дыялог са сваім народам.

З пачатку жніўня беларуская дыяспара правяла дзясяткі пікетаў, акцый, ланцугоў салідарнасці і жаночых маршаў. З кожным днём наша прысутнасць станавілася ўсё больш заўважнай, бо Украіна стала адной з асноўных краін, якія прынялі на сябе значную колькасць беларускіх рэлакантаў (па дадзеных памежнай службы, больш за 70 тыс беларусаў перасеклі мяжу з Украінай за жнівень-верасень 2020 года). І гэта нездарма.  Дзякуючы бязвізаваму рэжыму, з прычыны культурнай блізкасці і адсутнасці моўнага бар’ера многія беларусы, вымушаныя ўцякаць ад палітычнага перасьледу ў сваёй краіне, выбіралі ў якасці бяспечнага месца для часовага пражывання менавіта Украіну. Таму мясцовая дыяспара актыўна пачала займацца дапамогай землякам.

На сённяшні дзень створана некалькі ініцыятыўных груп і арганізацый, якія аказваюць разнастайную дапамогу і працуюць у наступных напрамках:

–         Юрыдычныя кансультацыі

–         Псіхалагічная дапамога

–         Гуманітарная дапамога (прадукты харчавання, вопратка, прадметы гігіены)

–         Дапамога с пошукам жытла

–         Акцыі салідарнасці і культурныя мерапрыемствы

–         І шмат іншага

Для кансалідацыі намаганняў беларускай дыяспары мы ствараем Інфармацыйны цэнтр ва Украіне. Наша актыўнасць з’яўляецца часткай шырокай нефармальнай супольнасці беларусаў замежжа. Мы рады, што ў такія няпростыя часы беларусы ўсяго свету падтрымліваюць адзін аднаго і аб’ядноўваюцца ў адзіным руху салідарнасці.

Мы бачым асноўнай задачай Цэнтру інфармаванне ўкраінскай грамадскасці аб сітуацыі ў Беларусі, актыўнасцях беларускай дыяспарыяк ва Украіне і за яе межамі.

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца на email: [email protected]